Валянцін Акудовіч. Ці не занадта?

Мы сеялі жыта, гадавалі дзяцей, слухаліся Бога, і нам было добра.

Але неяк прывалокся да нас адзін разумнік і кажа:

– Знайшлі каго слухацца!

– Хіба ёсць хто разумнейшы за Бога? — здзівіліся мы навіне.

– Я, — кажа, — разумнейшы.

Ну, нам дык што... Нам абы было каго слухацца. Пахавалі мы абразы ў куфэркі і пацягнуліся за разумнікам да пушчы. Прывалаклі адтуль кожны па бервяну і пытаемся:

– Куды скідваць?

– Трымайце на плячах, – адказвае. – Цяпер мы з бярвеннямі і есці будзем, і спаць.

– А ці не занадта? — пацікавіліся мы.

– Не занадта, — запэўніў ён. — Інакш яснай будучыні нам ніколі не дачакацца.

Ну, што тут паробіш, калі чалавек усё наперад ведае... Занядбалі мы гаспадарку і, як тыя буслы, шпацыруем з бярвеннямі ад рання да ночы. Усё будучыню выглядваем.

Праўда, часам хто абурыцца:

– На халеру яна нам здалася? Неяк раней без яе абыходзіліся – і нічога.

– А дзе дзецям жыць, калі будучыні не дачакаемся? — дзівіцца тады з нашай дурноты разумнік…

– Год мяняўся годам, ужо бярвенні павысыхалі і зрабіліся лёгкімі, што тыя трэскі, як прывалокся да нас яшчэ адзін разумнік. Між іншым, таксама не з маўклівых. Ну, добра, — кажа, — адорыце вы дзетак будучыняй, а самім куды падзецца, калі Бог да сябе не прыбярэ?

– Дык што, нам зноў адчыняць куфэркі? — пытаемся.

– I абразы на покуць вешаць, — падказвае.

– А ці не занадта?

– Інакш гора вам не абрацца.

Усяму свету вядома, што нават авечкі нам у паслухмянстве саступаюць. Але гэтым разам мы запярэчылі:

– Няма разліку цябе слухаць. Бога і поп на свае вочы не бачыў. А тут усяго мо некалькі крокаў засталося...

I пайшлі. ад яго – далей ясную будучыню выглядваць.