Валянцін Акудовіч. Недарэкі

На той бок рэчкі жылі адны людзі, а па гэты — зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.
Часцей адны з другімі спрачаліся наконт рэчкі.
– Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі, – пахваляліся адны.
– Брахуны вы,— крычалі з другога боку. — Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.
– Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка, — сведчылі мы і веславалі як мага хутчэй.
– Ну вось, чулі? — цешыліся адныя.
– А мы вам што казалі,— крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні...
Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была вельмі прыгожай.