Валянцін Акудовіч. Маналог на купіне

Не, у нашым балоце чэрці не водзяцца, хаця ў нас як нідзе ціха. Мы нават казкі пра чарцей ды іншых нячысцікаў забаранілі. Навошта нам ведаць пра ўсялякае страхоцце. Хіба з гэтага да лепшага будзе?..

Ніхто яшчэ не прыдумаў нічога лепшага, як прыстаць цёплым адвячоркам да мяккай купіны і заспяваць лагодную песню. I хай там нехта кажа пра нашае балота: балота! Нядобразычліўцы ніколі не звядуцца ў тых, хто ведае смак шчасця. А ў нас яго ведае кожны, і нават штодня. I мы ні ад каго не хаваем сакрэт, як зрабіцца шчаслівым. Трэба і вам па зямлі хадзіць гэтак, быццам пад нагамі багна. I, як мы, лішне не вылузвацца, бо ў нас калі хто занадта выбрыкне, дык умомант пагразне ў твані па самыя вушы, і ўсе з яго смяюцца. А яшчэ добра было б вам замест дарог нарабіць купін і скакаць з адной на другую. Па дарозе, зразумела, хутчэй трапіш туды, куды патрэбна. Толькі хто ведае, куды яму патрэбна? Вы хіба ведаеце? А калі скакаць, як мы, дык чаго б там хто ні выдумляў сабе, а няма ў яго іншага шляху, як з гэтай купіны на бліжэйшую. I нават калі з'явіцца ў каго недарэчнае жаданне трапіць вунь на тую выспу, то як пачне ён скакаць, дык нагэтулькі заблытаецца, што хутка ўвогуле не будзе ведаць, дзе цяпер апынуўся і чаго хацеў, плануючы дарогу. А сапраўды, навошта яму тая выспа? Можа, там абаранкі з макам задарма даюць?.. Ага, дагоняць і яшчэ раз дадуць!

Гэта адно дурні лічаць, быццам там лепей, дзе іх няма. А мы не дурні і добра ведаем, што нічога лепшага за нашае балота ніхто яшчэ не прыдумаў. I калі гнявім Бога, дык адно за тое, што Ён неба зрабіў лішне вялікім. Каб яно паменела, дык буслам не ставала б дзе крыламі махаць. От жа шкоднае стварэнне!

Кожную вясну мы спадзяемся, што, можа, ужо на гэты раз буслы з выраю не вернуцца. Толькі яны ўсё вяртаюцца!

Хіба папрасіць Бога, каб неба трохі абскуб? Усё роўна яно пустое...