Валянцін Акудовіч. Каб у пару забуяла бульба

Былі мы, і быў ён. Мы ведалі, чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы...

Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. I мы паабрывалі хрушчам крылы.

Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.

Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум, і мы не ведалі, што нам рабіць далей.

Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам — толькі рэха ягонага суму.

– Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, – аднойчы сказаў нехта.

I мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

– Каб у пару забуяла бульба.

– Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

– Тады навошта вы?

– Каб нас было шмат.

– Дзён таксама шмат, але што з таго?

– 3 дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?

– Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

I мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.