Сяргей Прылуцкі. Два вершы



Юра

яго звалі Юра.
мы працавалі разам на заводзе газавае апаратуры.

малады, мускулісты герой Іліяды,
выпускнік універу, токар 2–га разраду,
ён трымаўся за працу, бо – крэдыт, жонка, пялюшкі.
сказаў аднойчы “яшчэ трошкі
і я здохну у гэнай канюшні”
мы сядзелі тады на хаце: рэцыдывіст Груша,
я, Юра і Людка,
былая аднакласьніца, пасля - прастытутка.
ужо тады Люда трымала маленькі прытон,
ейны муж, юны гопнік Антон
ад такое маліны збухаўся, скалоўся і здох.

Юра трымаўся як мог:
заняўся ёгай, купіў каяндарык з Буддам,
але ўрэшце забіў на сям’ю, закахаўся ў Люду,
пачаў хадзіць з братвою раёну,
на год заляцеў на зону,
потым яшчэ, і яшчэ. зрабіў на запясьці
наколку “Л + Ю=ШЧАСЬЦЕ”.
пабываўшы ва ўсіх абласных пастарунках, блатхатах,
на ўсялякі выпадак трымаў пад падушкай гранату

тым часам Люда завязала з панэльлю,
яны пачалі калясіць па мястэчках і мелі
усё што хацелі, рабуючы крамы, запраўкі,
аўтавакзалы, паштамты, банкі.
разганяючы сэрцы да 120-ці ў хвіліну
трымалі ў тонусе ўсю краіну

накрылі іх хутка. сканчаўся люты.
у лепшых традыцыях Галівуду,
ўцякалі навосьлеп, паўз чорны лес,
кінуўшы грошы, стары мэрсэдэс…

уваччу праплывалі аблокі, чуўся сабачы брэх.
падалі ціск, тэмпэратура, сьнег.
па бязьлюдным узьлеску скакала касуля
і кроў праступала паволі праз сукню й кашулю


Лакальныя ўнутраныя канфлікты

Ворагу, калі што, можна даць па геніталіях,
шыі і рэбрах, або – калі баісься – ўцячы.
З унураным ворагам усё нашмат складаней –
зь ім ты наогул мала што здольны магчы.

Ніяк не забуду адну гісторыю -
быў у мяне сусед Сашко.
Нямала моладзі з рабочых тэрыторыяў
ходзіла з падстрыжанай як у яго башкой.

Сусед Сашко і башка ня тое што не сябравалі,
але вялі зацяжны напружаны дыялог,
атрыманы ў спадчыну ад мамы Валі,
экцэнтрычнага тавараведа крамы “Райзеленторг”.

Ён быў шызафрэнікам, ціхім і вельмі культурным:
штовечар хадзіў на шпацыр у парк.
Меў адзінага суразмоўцу – уяўнага сябра Юру.
І, на любое надвор’е, - адзін пінджак.

Усе пацаны раёну трымалі маўклівую згоду
не насьміхацца, бо што зь яго возьмеш – дурак:
абаранялі нябогу ад пратэстанцкіх задротаў
й такіх жа прыблудных гопнікаў і сабак.

Гадоў у 17 Сашка крыху папусьціла –
мы нават бралі яго пагуляць у футбол.
Ён забіў на вячэрнія шпацыры ў парку і сьціпла
пачаў заглядацца на супрацьлеглы пол.

Усё выглядала настолькі балюча й наіўна,
што нават нашыя бабнікі вочы апускалі долу,
бо нешта падобнае бачылі толькі ў кінах
на сеансах з чарговай Нінай або Віёлай.

А потым яго знайшлі ў пятлі ў калідоры:
у пінджаку і сьмешным швэдры ў сьнегавікі.
У кішэні ляжала паперка: “Ва ўсім вінаваты Юра.
Сустрэнеце раптам – не падавайце рукі.”