Сяргей Прылуцкі. Хронікі звычайнага

Людзі з маленькіх правінцыйных мястэчак
засынаюць па дозе вячэрніх навінак.
На вячэру ў іх каша, гарбата, булка, варэньне з парэчак.
Некаторыя зь іх пераможцы мясцовых дажынак.

Людцы з маленькіх мястэчак ня бачылі сьвету.
Каханьне тут – адна зь непазьбежных традыцый
якой не жывуць, але выконваюць, ветла
зазіраючы ў вочы ў прамежкі паміж мэнструацый.

Людцы зь вялікай душою і зглумленым сэрцам
любяць пускаць сьлязу ад фіктыўных стрэсаў –
адзінадумцы, рамантыкі, адзіназьняверцы.
Час ад часу праездам бывае прадажны Кесар.

Зь ім у тутэйшага люду свае рахункі:
нехта на службе, другі – у таемнай змове.
Дарэмна чакаць ад багоў нябеснае манкі –
лепей ціха бяз цудаў пражыць у сямейным алькове.

Людзі з правінцыі едуць паволі з глузду
ад забабонаў, нуды і паўсюднай пустэчы.
І з надыходам Калядаў сядаюць у воз ды
п’яныя славяць Хрыста, мэсію зьмірэньня й галечы.