Сяргей Прылуцкі. Хаўтурны санет

Ня плачце... Не таму, што сьлёз шкада.
Што сьлёзы ў параўнаньні з гэткай стратай?!
Памёр Калян, гавораць – ад інфаркту,
але я ведаю дакладна, што “Агдам”

дабіў яго. Быў добрым суразмоўцам
і як ніхто гуляў у даміно;
любіў глядзець савецкае кіно
і ўладу лаяць нецэнзурным слоўцам.

Няма, Андрэю, адыйшоў, Ахрэме,
наш рыцар Чаркі й Скваркі назаўжды.
На дне жыцьця быў капітанам Нэма –

плыў немавед навошта і куды.
Памрэм ад п’янства, як і ён, – няхай.
Што нам губляць?.. Сьцяпане, разьлівай!

красавік, 2003