Сяргей Прылуцкі. Сталіца, ранак

Яшчэ гарыць маленькае вакно:
складаючы чарговую дэпешу,
ён дапівае цёмнае віно,
запальвае, перастаўляе пешку
d7-d8, нібыта ў кіно;
дапісвае “...хутчэй, бо нас нясьпешнасьць
заб’е...” нэрвовым почыркам. Гадзіньнік
паказвае пачатак сёмай. Вынік

жыцьця, пражытага бяз прозьвішча, імя,
Гісторыю, зь якой амаль на роўных,
ніколькі не хвалюе. Чатырма
гадзінамі пазьней, калі прыдворных
ахопіць паніка і будзе ўжо дарма
люстэрка падстаўляць да мёртвых вуснаў,
адгэтуль будзе ў ім заўсёды пуста.

Ён пакідае дом, мінае сад,
суд, міністэрствы, мост... пад паліто –
у скрутку – дынаміт; якраз парад
на плошчы распачаўся, і аўто
з паважным юбілярам праяжджае
уздоўж натоўпу гараджан. І грае
аркестар марш.

кастрычнік, 2002