Сяргей Прылуцкі. Рэч

"Прыбудуць барбары, у іх свае законы".
К. Кавафіс, "У чаканьні барбараў"

- Чаму няма ў сталіцы ні душы ?

- Кароль інкогніта ад’ехаў за мяжу
да знанае ўсеўладнае каханкі
з каштоўнымі дарамі – месьцічу й віжу
дзяржаўнаму дакладны знак заранкі
нядоўгага разрыву з каралевай і каронай.
На ўцеху паспалітым і разбэшчаным баронам.

- Калі ж пачнецца праца над законамі,
ці скліча хто, нарэшце, Вальны Сойм ?

- Няма каму. Штодзённа па лясох
магнацтва п’янае са шляхтаю напару
ды ўсёй астатняй поскудзьдзю, у рог
гарланячы, дзічыну гоняць. Марна
чакаць: палацы ўласнай годнасьці
здалі за пярсьцёнкі бяздумнае сквапнасьці.

- Ужо каторае сьвята званоў не чуваць.
Дзе падзелася наша духоўная знаць ?

- Патрыярх у турэцкім сядзіць капкане,
даўно ўжо ня той, як калісь. Цёмнавокі,
перачытвае ўвечар лісты з Ватыкану:
рэлігійныя гульні ды эківокі
абышліся задорага. Цэркваў-касьцёлаў
ад агню не схаваць ні сьвятым, ні анёлам.

- Па той бок, на памежжы – штыхоў варушэньне.
Ці спадзявацца нам на паспалітых рушэньне ?

- Няма тут ужо ані войска, ні ўлады.
Дыпляматы нясьпешна нясуць у архівы
скруткі новых дамоваў, загады й парады
даючы генэралам. Выпісваюць ксівы
адпаведным намесьнікам. Хворая Рэч
у перадсьмяротнай агоніі ўскідвае меч.

кастрычнік, 2002