Сяргей Прылуцкі. Рыжскія секстэты

Вось манах ідзе у рызе
па старой каменнай Рызе
пад трамвайны перазвон.
Замак, Домская катэдра,
рэстараны ў стылі “рэтра”,
“sorry”, “ja”, “alas”, “pardon”.

Мадэрновыя будынкі,
лес латыскае лацінкі
ды падлеткавы жаргон.
За гаворкай у пасажах
пані й спадары паважна
праганяюць кавай сон.

Ты выходзіш на Barona,
турыстычная варона,
пераходзіш цераз мост:
зьлева – статуя Свабоды
(водгульле паганскіх стодаў)
азіраецца на West.

Вось – музэй народных казак,
крамкі сувэніраў, масак,
пяцізоркавы гатэль.
Вокны бюргерскіх кватэрак
сузіраюць гнуткі бераг,
супэрмаркетаў артэль.

У паветры – водар мора,
пад зямлёй – піўніцы-норы.
Голкі шпіляў, баржы прас.
Ноч. Пустыя амбасады.
Паркі, цёмныя прысады.
Valdemara. Brivibas.

Тут жывуць, глядзяць у неба,
лічаць золата і срэбра,
фабрыкуюць новы міт.
Эўрапейскі задні дворык,
дзе таксама, як і Ёрык,
адыходзяць у нябыт.

лістапад, 2003