Сяргей Прылуцкі. Падарожжа на ўскраіну ночы

“...під мостом Мірабо не розійдуться кола пітьми”
Наталка Білоцерківець


Бухі бухгальтар у таксоўцы
імчыць з фуршэту на фуршэт.
Яму херова. Ён кіроўцу,
харону ў кепцы, тэт-а-тэт

нікчэмнага жыцьця палову
выкладвае як на духу;
як бавіўся ды біўся клёва,
пра ўсіх знаёмцаў - ху-із-ху.

Бы мікі маўс у масоўцы,
на схіле дзён – нікчэмны лох,
наіўны праўда- й шчасьцялоўца.
Цяпер – што Бах яму, што Босх.

Дом зруйнаваны. “Дах” сарваны.
Ёсьць дрэва, сын і дрэнны сон.
Чытае бібліі-караны;
нібы старэнькі патэфон,

хрыпяць старонкі “...грэшны...грэшны...”
і там, і тут – паўсюль шыза.
Па твары сьлізгае нясьпешна
празрыста-вязкая сьляза.

Ён дастае з кішэні пляшку,
бы пісталет/балёнчык/нож,
і п’е, каўтае доўга, цяжка...
Пасьля выходзіць. Валіць дождж.

На мосьце між нязнаных terra’ў
канец маршруту. Fin-de-шлях.
Ані гетэры; й колы цемры,
бы колы пекла, далавах.

13.01.2005