Сяргей Прылуцкі. Неагатычны трылер

І

Яны былі як спарышы,
нібыта інь і ян:
лічылі шчасьця барышы,
міналі смутку твань.

Яна любіла MTV
і джынсы Levi Strauss.
Пах чалавечае крыві
уводзіў яе ў транс.

Ён, каб усё было цішком,
каханую паіў
сваёй крывёй як малаком.
Па кропельцы цадзіў –

і з кожным днём, і з кожным днём
яна піла ўсё больш.
Сьвятар палохаў іх агнём
пякельным – толькі горш

ставала хлопцу. Ані God,
ні срэбра не маглі
забіць нячыстую. Ў капот
паклаўшы, у імгле

блукаючы, адвёз яе
канонік да магіл
і на самой ускраіне
жывою ў лёх спусьціў.

Зьвязаная, на роце – скотч,
ляжала ў поўны рост.
І хмары плавалі наўзбоч
і па-над ёй наўпрост.

ІІ

Вазьмі рыдлёўку й ціха кроч
на гарадзкі цьвінтар;
сягоньня поўня сьветліць ноч,
няма на небе хмар.

Сваёй каханай адшукай
уквецены грудок;
яго старанна раскапай
і срэбраны клінок

альбо асовы востры кол
у сэрца ёй убі:
няхай навечна прыме дол
вядзьмарчын дух. Зрабі

ўсё гэта і забудзь хутчэй
на голас ейны й плоць,
адно калодзежы вачэй
узгадвацьмеш шматкроць.

кастрычнік – сьнежань, 2003