Сяргей Прылуцкі. Каліфорнія

West coast. У невялікім бары зорка
паўднёвых штатаў, загарэлая Джанэт,
заводзіць публіку; падпітая галёрка
крычыць, раз-пораз сноўдае ў клязэт.

Гучыць мэлёдыя. Афіцыянткі
па століках разносяць джын ды віскі.
Танцорка сьцягвае свой станік, майткі,
нібы яе ад самае калыскі
вучылі забаўляць мужчын. Радзімка
на задку, тугія грудкі, лыткі...

Мясцовы папарацы фатаздымкі
таемна робіць ды разносіць плёткі
пра тое, колькі і каму давала.

Каля ўваходу мужны вышыбала
падлеткам прамаўляе доўгі сьпіч
і чуе па сканчэньні: “Son of bitch!”.

красавік, 2003