Сяргей Прылуцкі. Вечар звычайных цудаў

Набліжаецца вечар і ў краму “Прадукты”,
бы валхвы за дарамі, пасьля піларамаў,
будаўнічых аб’ектаў, канвэераў, гутаў
йдуць усе па паўлітры свае й кілаграмы.

Зьзяюць, быццам у казачнай хатцы, вітрыны
і сьвятым падаецца стары валацуга,
што бухаючы з рыльца дыханьнем нявінным
бласлаўляе штодзённыя клопат і скруху.

Гэты вулей, відмо, эльдарада галодных;
ён падмане, завабіць, нязьведаным цудам,
зачаруе, ўвасобіўшы ў стравах лагодных
патаемныя мары працоўнага люду.

Яны моўчкі выходзяць пад цёмнае неба
і, зірнуўшы на зорку, кіруюць паволі
паўз алеі ліхтарняў да сьціплай юдолі,
дзе крычыць немаўля у абдымках Эрэба.


20-21 лютага, 2006