Сяргей Прылуцкі. Бізнэс

Мая сяброўка, школьная настаўніца,
жадаючы палепшыць свой бюджэт,
урэшце занялася спэкуляцыяй.
Асартымэнт са сьпірту й цыгарэт

паціху вывеў бедную з галечы.
І ўсё было б O`key, але два хлопы
ў тэрэспальскім завулку ўночы

згулялі зь ёй у дрэнную гульню:
паблізу не было ні мінакоў, ні копаў...
Жыцьцём пастаўленая ў позу “ю”,

так і памерла. Ўжо халодную,
яе знайшлі у сьметніцы й, бязродную,
забраўшы пашпарт, зачыніўшы візу,
дамоў павезьлі ў цынкавай валізе.

кастрычнік, 2003