Сяргей Прылуцкі. Fin-de-siècle

Я б хацеў нарадзіцца на Новай зямлі,
напачатку ХХ-га, сьціплым клеркам;
працаваць у маленькай канторы ці ў нейкім
іншым месцы; на караблі

раз на год выпраўляцца да Рыму ці Вены;
ажаніцца пад 30, завесьці дзяцей;
паважаным быць, каб аніхто табе “Гэй!”
не казаў і ставаць не змушаў на калені.

Штонядзелі хадзіць у кіно, на Каляды –
у царкву, усхваляючы Божую ласку.
Мець свой дом і рахунак у банку.

Прачынацца і ў сьвежых газэтах шторанку
праглядаць нэкралёгі, ня ведаць спагады
да жывых і да мёртвых, ды верыць у казку.

люты, 2003