Сяргей Прылуцкі. Супермаркет адзіноты

Ірэне Карпа

Сястра, мы з табою расьлі пад штандарам мілосьці.
Спажывалі напоі ня думаючы пра колькасьць.

Мы жылі ў акопах нянавісьці, у джунглях жарсьці.
Мы любілі мінулае зьнішчыць, а потым скласьці.

Мы трымалі самоту ў клетцы са злосьцю разам.
Мы разьнесьлі па безьлічы вёсак і гарадоў заразу

лёгкадумнай свабоды. Мы клялі мяшчанскія норы.
Мы ня ведалі меры, бо ў сэрцы шумела мора

нерастрачанай дзікай пяшчоты. Сястра, мы сталі
чым і хацелі стаць – засечкамі на забрале

у бяздарных кіхотаў, у пафасных ідыётаў.
Нам для бунту былі без патрэбы гарматы і роты.

Так, жыцьцё назьбірала ў кошык сумніўных рэчаў.
Так, мы ведаем зараз, што час можа адно калечыць.

Нам, сястра, толькі зараз адкрылася трэцяе вока:
да перамогі – паўкроку, і гэта цяпер – далёка.