Багдан-Ігар Антоныч. “І” (пер. А. Пятровіч)

І вецер, што імкне па руні ў полі,
і дождж, што гоніць руны хмар з раллі,
і ўсмешка зорак залатых зямлі,
і долі жытняй спеў плыве паволі.

І вінаграду, і віна даволі,
і сад, і звонка звоняць салаўі,
і песні іх, нібы фанема “і”,
і гай, і вадаграй, і край на волі.

І лесу сіні цень, і сон у стыні,
і пыл святыні, й галасы ў пустыні,
і ў стэпе коні, і ў краіне казкі.

І ў рунь, і ўгрунь, і з карнавалу маскі,
і свет цудоўны ноччу, днём – навекі,
і нават лепшы – як апусціш вейкі.