У дворніка Муаўра была хонаванутра. Гэта не хвароба, а хатняя жывёла. Іншымі словамі звычайны кот. У ката было шыкоўнае доўгае футра, дрэнны характар і сваякі ў Варшаве. Кожную нядзелю яны тэлефанавалі Хонаванутры з Варшавы з самага што ні на ёсьць ранку. Муаўр пачынаў зваць ката да тэлефона: «Хонаванутра-хонаванутра-хонаванутра!» — узьнімаў увесь дом на вушы, а кот усё адно яго ня чуў, бо з раніцы ў нядзелю звычайна быў заняты тым, што крэпка спаў. Так хонаванутра ніводнага разу не паразмаўляла са сваімі сваякамі з Варшавы.




