Віктар Жыбуль. Кастрычнік

Праскокаў час, і восень паласнула
мяне па горле ледзяным лязом.
Што не памерла – тое зноў паснула.
Пазычыць дыгер мне камбінэзон.

Лятуць у вырай ластаўкі й фугасы,
пазнаўшы па паходцы шум сьнягоў.
У крамах і гатэлях пахне мясам,
сякеры пахнуць потам мясьнікоў.

Спавіты горад шызам каматозам,
што туманом павіс, як прасьціна.
І дзеўчына, апранутая ў сьлёзы,
выкідваецца з чорнага акна.

Здаецца, сэрца сточаць нэматоды.
Здаецца, ад маркоты мозг згніе.
І чалавек змагаецца з прыродай –
яна яго дастала, ён – яе.

Каб дум сьвятло прарвалася скрозь аркі,
перакуліўшы сьвет на іншы лад,
агмень маёй электрагазазваркі
ускалыхне ваш нафтабэнзасклад.