Віктар Жыбуль. Элегія

Дзяўчынка ў круглых тоўстых акулярах
і куртачцы смарагдавага колеру
бяз рухаў на зямлі ляжала,
а нейкія бабулькі
(здаецца, іх было чатыры)
дзяўчынку спрабавалі ставіць
дарозе пэрпэндыкулярна.
Але дзяўчынку не трымалі ногі,
і падала яна ізноў, прычым на сьпіну
(каб не разьбіць, напэўна, акуляры).
Тады бабулькі лаялі дзяўчынку
(якая не рэагавала), і штурхалі
яе сваімі бруднымі нагамі
(адна была ў валёнках і ў ватоўцы
бабулька, а астатнія таксама не князёўны,
а прадстаўніцы
ніжэйшага саслоўя), бралі
дзяўчынку за нагу ды за другую
ды валаклі праз двор, аднак
дзяўчынцы той было ўсё роўна.

А мы якраз шпацыравалі міма
паўз кветнік на старую вуліцу
(двухпавярховымі драўлянымі дамамі
забудаваную); спачатку
хацелі заступіцца за дзяўчынку,
ды раптам зразумелі, што яна –
ахвяра юная
таемнага містычнага абраду,
якога мы ня маем права парушаць.
Дзяўчынка – проста зомбі,
і страшнага нічога тут няма.
Ну праўда, ну навошта ж нам пляваць
у жыватворную крыніцу
эзатэрычных ведаў?
І мы пайшлі сабе далей.
А злосныя бабулькі
дзяўчынку ў круглых акулярах
працягвалі штурхаць і біць
(стаяла восень залатая) нагамі
тлустымі, хапалі за каўнер,
і пачарнелымі рукамі
па лужыне
за валасы яе цягалі.

А мы ішлі катацца на кульгавых
арэлях, што стаялі ў парку
ды зморана парыпвалі:
тырын-дырын,
тырын-дырын,
ты-рын... ды-рын...