Вера Бурлак. Я заблукала ў кніжнай краме

Я заблукала ў кніжнай краме
Паміж паліц са старадрукамі.
Я зачапілася рукамі
За крылы вокладак, цьвікамі
Гатычных літар да радку
Мяне прыбіў анёл зь віньеткі.

А год праз сто ў тваю руку
Я ў выглядзе засохлай кветкі
Неспадзяваным падарункам
Зьлячу і раптам апяку
Цябе балючым пацалункам.

Ты скажаш мацернае слова,
І я сканаю канчаткова.