Вера Бурлак. Пра разуменне

Я разумею вершы пра вайну,
Пра земляробства і пра паляваньне,
Пра лета-восень, пра зіму-вясну,
Пра ноч і дзень, пра ранак і зьмярканьне,

Пра родны кут, пра новы курс рубля,
Пра вынікі сялянскага паўстаньня,
Пра сьмех і сьлёзы, пра палёт чмяля
Альбо пра ўзьнёсласьць п’янага хістаньня,

Пра будаўніцтва і пра руйнаваньне,
Пра гатаваньне страў, тручэньне стравамі,
І нават вершы пра вершаскладаньне
Я разумею і лічу цікавымі.

Пра захапленьне і пра баляваньне,
Пра пагадненьне і пра гадаваньне,
Пра гвалтаваньне і пра катаваньне,
Пра спаражненьне і ванітаваньне...

Не разумею толькі пра каханьне.
Аб ім чытаю я апавяданьні.