Адам Глобус. Казкі. Шэры волас

У цябе з’явіўся новенькі сотавы тэлефон, і ты - шчасьлівы. І вось, твой сотавік паказвае чатыры нулі, калі часу няма. Ёсць такі час, калі можна сказаць, што яго і няма. Яго называюць 24 гадзіны, ці 12 ночы, а мы назавём так: час, калі часу няма зусім. Зразумеў? Вядома. У гэты абнуляваны момант табе прыходзіць sms паведамленне з простым пытаннем: "Спіш?" — "Не!" — такі твой адказ, бо ты спадзяешся на працяг размовы, і працяг не прымушае чакаць. "Не пераймайся, зараз заснеш!" Ты і не хвалюешся, пакуль не заўважаеш кончык Шэрага воласа, што вытыркаецца з гнязда, у якое ўстаўляецца зараднае ўстройства. Ты пазногцямі спрабуеш выцягнуць волас з гнязда. Ён выцягваецца, ты механічна пачынаеш намотваць на палец Шэры волас і цягнуць яго з тэлефона. Ты не адразу заўважаеш, што Шэры волас не рвецца, што ён крэпкі, як сталёвая струна. А як толькі ты разумеш, што волас незвычайны, ён ужо абмотваецца вакол тваёй шыі, абмотваецца і пачынае душыць. Пятля Шэрага воласа сціскаецца, дыханне тваё перапыняецца. Ты спрабуеш парваць волас, намагаешся расцягнуць пятлю, дарэмна. Шэры волас забівае цябе, і ты засынаеш назаўсёды, як і было паабяцана ў sms паведамленні.