Адам Глобус. Казкі. Шэрае мяса

Жанчына затрымалася на працы і позна забрала сына з дзіцячага садка. Дома яна ўбачыла: адна шчака ў хлопчыка большая за другую. "Што здарылася? Што ў цябе са шчакой?" — захвалявалася жанчына. Хлопчык сагнуўся напалам і выплюнуў на падлогу вялікі кавалак Шэрага мяса. "Гэта што яшчэ такое?" — маці зазлавала на сына. "За абедам нас прымушалі есці мяса, а я ўзяў мяса за шчаку і не стаў глытаць…" — "Ты паўдня пранасіў кавалак мяса за шчакою? Чаму?" — "Гэтае Шэрае мяса — чалавечае, а я не магу есці людзей!" — "Чаму ты вырашыў, што мяса чалавечае? Хто табе такое сказаў?" — жанчына шчыра засмяялася. "Калі мы пасля сняданка гулялі ў двары, я бачыў як кухар засунуў у бачок з харчовымі адкідамі чалавечую галаву!" Жанчына прыбрала з падлогі выплюнутае мяса: "Не хачу слухаць глупствы!" — "А я не хачу есці людзей! Не хачу і не буду есці чалавечае Шэрае мяса!" — "Супакойся! Вось прыйдзе з работы твой бацька, і разам сходзіце да таго бачка з харчовымі адкідамі, знойдзеце там чалавечую галаву і выкрыеце канібалаў!" Так з-за аднаго кавалка Шэрага мяса, якое хлопчык пранасіў паўдня за шчакою, і была злоўлена і знішчана банда канібалаў.