Адам Глобус. Казкі. Чорны вырадак

Чорны чалавек узняў гумовую палку і ўдарыў па сівой мужчынскай галаве. Ахвяра аблілася гарачай крывёю. Чорны пераскочыў праз нерухомае цела і кінуўся да дзяўны. З усяе моцы ён ударыў яе па плячы. Цэліў па галаве, але трапіў у плячук. Дзяўчо скурчылася і павалілася на снег. Чорны схапіў яе за белыя валасы і пацягнуў да шэрай машыны з закратаванымі акенцамі. У машыне, што імчала ў турму, ён пляваў у юначы твар, натужліва рагатаў і абяцаў растраляць няскоранае дзяўчо. "Ды не чалавек ты, зусім не чалавек! Ты – Чорны вырадак! Каб ты здох, каб ты здох, каб ты…" – падумала дзяўчына і страціла прытомнасць. У трывожным сне дзяўчо бачыла Чорнага вырадка з гумовай палкаю ва ўзнятай руцэ. Ён намерваўся ўдарыць яе, але дзяўчына апярэдзіла злы намер і саданула ў чорнае сцягно электрашокерам. Нападнік скурчыўся і дробна затрэсся. Дзяўчо прыбрала шокер. Чорны паспрабаваў замахнуцца палкаю і атрымаў новы ўдар токам. Апрытомнела дзяўчына толькі ў бальнічнай палаце. Навокал было халодна, ціха і шэра.