Віталь Рыжкоў. Роспач на продаж

Высьпела роспач, пачвара чароўная, -
поўныя вочы празрыстае слодачы.
Высьпела роспач - ладная, чорная -
і хопіць на продаж роспачы.

Высьпела роспач,
вы-ы-ысьпела,
вылезла,
воспай на твары высыпала,
воскам, выступамі,
сьлязамі празрыстымі,
выспамі,
высямі,
няспыннымі выразамі,
выспалася…
Высьпела.

Высьпела роспач. На першым паверсе,
дзе вершы складае нейкая сволач,
пахне гарэлкай. Па адной з вэрсій,
гэта -
высьпела роспач.

Высьпела роспач.
У краіне адчаю,
пераважна населенай беларусамі,
чалавек з вусамі шлёпае вуснамі
і слова яго -
не дапамагае…

Высьпела роспач,
высьпела,
зьзяючай язвай на целе выступіла,
рапсодыяй высыхлай,
срэбраным выстрэлам,
вызнала,
вылезла,
задзірліва чорныя кветкі выставіла,
выскараскалася -
высьпела…

Высьпела роспач, вые нямая,
і проста так да яе не падойдзеш,
ды скажыце усім: чалавек, што складае,
мае танную роспач на продаж.
Тэксты

Ave
Баляда непадзельнага
Безнадзейна адзінокі верш
Беларусь сямівокая
Вяртайся
дарожныя здарэнні
Загінаючы пальцы
Зялёны чалавечак
калі мы падаем, зоры...
Насуперак
Нічога святога (Ехезкель)
Роспач на продаж
самае цікавае
Справаздача па роспачы
Снег
Сненні падчас палявання
Узмах крыламі
У тэме вады плаваюць нават рыбы
Чорна-белы верш
Эпіграф да маладосці
Я не паэт

З аўдыёкнігі "Дзверы, замкнёныя на ключы"

Майкл Сэлінджэр. Фідэль Кастра ў Бёрдлэндзе
Сяргій Жадан. Марадона
Святая праўда
Гага Нахуцрышвілі. Зімовы веер
дзверы, замкнёныя на ключы
Час праз сваю педантычнасць...
Сяргій Жадан. Жыць з літаратуры
два скрыпачы
Гага Нахуцрышвілі. Я - Напалеон
Мая каралева. Мама...

Пераклады

Гага Нахуцрышвілі. Сумнеў
Сяргій Жадан. Chicago Bulls
Тэйлар Мэйлі. Я магу быць паэтам
Тэйлар Мэйлі. Як напісаць (дрэнны) верш пра палітыку
Уінстан Х'ю Одэн. Блюз уцекачоў

Відэа

Два скрыпачы