Вінцэсь Мудроў. Светлай ноччу

Ноч была на дзіва сьветлаю. Злавесна-барвовая поўня, што ўзьнялася зьвечару па-над Дабранскай гарой, неўзабаве праясьнела, зрабілася малочна-белаю і, павіснуўшы на гольлі дрымотнай таполі, заліла навакольле туманным сьвятлом. Адбіткі гэтага сьвятла ляжалі на чорных люстрах лужын, на абмытых начной расой таполевым лісьці, на дахах гатаўскіх хат і на гладкай шэрстцы ката Барыса - аграмаднага сібірака, які сядзеў на шуле весьніц і, лена варушачы канцом цяжкога - у руку таўшчынёй - хваста, мружыўся на поўню.

Панавала цішыня і толькі чуйнае Барысава вуха ўлоўлівала сярод гэтай цішы кволыя гукі: цвырканьне конікаў, падзеньне яблык у садзе, храпеньне гаспадара ў хаце й скавытаньне шчанюка Дуроніка ў канцы агарода. На прамінулым тыдні сканаў у сваёй будцы стары Палкан, і ўзамен яму гаспадар прынёс аднекуль блазнаватага шчанюка, якога назваў Дуронікам. Шчанюк гэты дзень да ночы лётаў па двары, дзяўкаў на карову, ганяўся за курамі, ад якіх урэшце рэшт набраўся скочак і цяпер несупынна скавытаў і чухаў лапамі адвіслыя вушы.

Ката адольвала дрымота.

Ад самага ранку гаспадар стагаваў на Дабранскай гары сена - звозіў зьляжалыя капёшкі ды клаў вялікі стог. З-пад капёшак, калі конь сьцягваў іх зь месца, уроссып разьбягаліся палёўкі: Барыс цэлы дзень іх душыў і так захапіўся гэтаю справаю, што нават не прыходзіў у абед дахаты паласавацца сырадоем. Іншая кацера пасьля такой беганіны даўно б ужо дзе-небудзь прыкархнула, скруціўшыся абаранкам, але Барыс быў катом прынцыповым. Пад кустом ніколі ня спаў. Упадабаў адно месца - толькі там і ўкладваўся. І месца гэтае было не абы-дзе, а на гарышчы хаты, ля цёплага коміну.

На гарышчы, апрача Барыса, спала на духмянай канюшыне й гаспадарава дачка Люська. Люська тая мела звычку цягацца ў суседнюю вёску на танцы, і Барысу даводзілася падоўгу чакаць дзяўчыну, бо самому яму адчыніць паддашкавыя дзьверы не выпадала.

Паволі цішэлі зыкі: карова ў хляве пакінула сапці й толькі зрэдзьчасу ўздыхала, Дуронік больш не варушыўся ў бульбяніку, а сьнегавая поўня заблыталася ў таполевым вецьці і падворак панурыўся ў цемру. Цемра лёгкім цяжарам лягла на Барысавы павекі, кот на кароткае імгненьне прыснуў, нават прыдушыў у сьне пару палёвак, але варта было ўдалечыні чхнуць матацыклу, як ён абудзіўся, разьмежыў зіркатыя вочы і, зь нецярплівасьцю пераступіўшы з лапкі на лапку, ударыў нягнуткім хвастом па шуле.

Матацыклы, як заўсёды, спыніліся на ўскрайку вёскі. Хлопцы, што прывезьлі дзевак, у іншых месцах насіліся на сваіх «Паноніях» аж да раньня, будзячы пры гэтым нават глухаватых дзядоў. А вось па Гатаву гойсаць сярод ночы не насьмельваліся. У Гатаве жыла загадчыца крамы, якую яны вельмі паважалі й таму бераглі ейны сон. Да таго ж хлопцам і без матацыклетнага ляскату даводзілася часьцяком будзіць магазыншчыцу, стукаючыся да яе сярод ночы й здушана прамаўляючы:

- Міронаўна... выручы... брат прыехаў...

Ля крайняй хаты заглух, а потым зноў завёўся матацыкл, пачуўся дзявочы віск, хлапечы рогат, і кот, задаволена прагнуўшы сьпіну, пайшоў па паркану насустрач людзкім галасам.

Ён ужо стаміўся ісьці й лапы забалелі ад гострых штыкецін, калі зь цемры выплылі дзявочыя постаці. Дзевак было тры: Люська, яе сяброўка Манька Цыкіна й яшчэ адна, кірпатая й круглатварая, імя якой Барыс ня ведаў і якая прыехала ў Гатава на пагасьціны - ці то зь Ленінграду, ці то яшчэ зь якога вялікага места. Колькі часу дзяўчыны нясьпешна ішлі па вуліцы, спрытна пераскокваючы праз лужыны, а параўняўшыся з Барысам, разам азірнуліся і, пырснуўшы здушаным сьмехам, пабеглі навыперадкі, сьмешна раскідваючы ўбакі цыбатыя ногі. Кот хацеў быў сігануць за імі ўсьлед, але перадумаў: сьцежка была мокраю ад расы дый бегчы не было сэнсу, бо «начныя бадзягі», як называла дзевак гаспадыня, адразу дахаты ніколі ня йшлі - сядалі на бярвеньне перад Маньчынай хатай і распавядалі адна адной розныя глупствы.

Вякнуўшы, Барыс пайшоў па паркану - цяпер ужо ў адваротным накірунку, - а дайшоўшы да Маньчынай хаты, пачуў ценькі й дарэшты задыханы голас ленінградкі:

- Божухна, які дурань! Які дурань! - парывіста выдыхала ленінградка, хітаючы галавой і летуценна пазіраючы на поўню.

Праваруч ад яе, на камлі таўшчэзнай хвоі, сядзела Манька Цыкіна, а ля іхных ног, на другім бервяне, месьцілася Люська.

- Які дурань! - паўтарыла пасьля хвіліны маўчаньня гараджанка, і Манька Цыкіна, тузануўшы сяброўку за спадніцу, запытала: - Што... што ён табе сказаў?

- Што трэба - то й сказаў! - адказала за гараджанку Люська, і ў голасе ейным чулася лёгкае хваляваньне.

- А цябе, Люсечка, ніхто й не пытаецца, - азвалася Манька Цыкіна. Памаўчаўшы, Манька адламала ад камля кавалак кары, шпурнула ў лужыну, зьедліва дадала: - Думаеш, ніхто ня ведае, як ты зь ім за клюбам цалавалася?

- Хто? Я?! - голас Люсьчын дрыжэў і зрываўся. Люська падхапілася зь бервяна, рванулася, на радасьць Барысу, да хаты, але яе схапіла за рукаво зьбянтэжаная ленінградка.

- Ну, дзяўчынкі... ну чаго вы...

Хвіліну дзеўкі наструнена маўчалі, потым Люська фыркнула, плюхнулася на камель, ленінградка прымасьцілася поруч і, уздыхнуўшы, пралепятала:

- Ну, хочаце, будзем хадзіць з клюба пехатою?

Словы гэтыя завісьлі ў паветры. Люська з Манькаю прымірэнча пераглянуліся, разам зірнулі на сяброўку.

- Ноччу? Пехатою? Паўз могілкі?!

- Ну і што, што паўз могілкі? - запыталася ў сваю чаргу гараджанка, і ў голасе ейным ужо ня чулася ранейшай бадзёрасьці.

- Ты ж, Маша, відаць, ня ведаеш... - прашаптала Люська, вытрымала паўзу, зьбіраючыся распавесьці ўсё па парадку, ды яе апярэдзіла Манька Цыкіна.

- Карацей, прыехаў адзін таксіст з Азярышча, стаў там ля базару й чакаў - каго падвесьці. І тут падышла нейкая цётка. Высокая такая, прыгожая і ўся ў чорным...

- У белым, а ня ў чорным... - паспрабавала было ўдакладніць Люська, але сяброўкі абурана махнулі рукамі, і яна змоўкла.

- Падыходзіць, значыцца, і кажа: - «Адвязі мяне на гатаўскія могілкі», - і сто рублёў дае. Ну, таксіст грошы ўзяў ды паехаў... Прыехалі яны, а ўжо цемнавата было - гадзін, можа, дзесяць вечара. Цётка вылезла з машыны і загадала таксісту, каб чакаў. - «Дачакаешся - яшчэ сто рублёў атрымаеш», - так і сказала... Ну і пайшла на могілкі. Таксіст гадзіну чакае, другую - няма нікога. Страшна стала. Хацеў ужо дадому ехаць, а тут бачыць - ідзе нехта - увесь у белым. Прыгледзеўся, а гэта тая цётка...

- Як цётка? Яна ж у чорным была, - улякнута перапытала жыхарка вялікага места й Люська, азірнуўшыся на бокі, страшным голасам растлумачыла: - З Хадоры, зь нябожчыцы зьняла. Яе якраз таго дня пахавалі - у саматканай кашулі.

- А т-таксіст?

- А што таксіст... Абамлеў. Націснуў... на што там яны ціснуць... машына рванула, нават дрэва зламала, - Люська яшчэ раз азірнулася. - Казалі - памёр праз тыдзень. Гэта таму, што сотню ня выкінуў.

- Мы на наступны дзень туды хадзілі - сьляды машыны бачылі й бярэзіну зламаную, - уставіла слова Манька Цыкіна і Люська згаджальна кіўнула галавой.

Барыс адчайна, аж да ёкаўкі ў горле, пазяхнуў. Ён зусім асавеў, а дзеўкі між тым і ня думалі разыходзіцца. Кот саскочыў з паркану, узьняў хваста і, сьцярожка ступаючы па мокрай траве, падышоў да Люські.

- Пра «чорную руку» распавядзі, што людзей душыла, - прамовіла Люська, ды нечана войкнула, падхапілася на ногі, а згледзеўшы Барыса, падчапіла таго мыском чаравіка й адкінула на дарогу.

- Не, пра «чорную руку» не цікава. Раскажу лепей, як дзяўчынка айчыма забіла.

Барыс быў абражаны. Абышоўшы дзевак з тылу, ён ускочыў на бярвеньні, прайшоўся ў дальні канец, усеўся там і абурана закруціў хвастом.

- Мне пра гэта сястра распавяла, што ў Віцебску жыве. Прасіла, праўда, нікому не расказваць.

Манька Цыкіна, надаўшы голасу злавесна-шапятлівыя ноткі, пачала новы аповед, а ленінградка, якая, відаць, ніколі такіх жахаў ня чула, ад страху нават перастала дыхаць і сьцягнула са сьпіны на голаў сваю гіпюравую кофту.

- У адной дзяўчынкі быў дужа паганы айчым. Увесь час за ёю падглядваў... І вось прыйшоў аднойчы гэты айчым дахаты, убачыў, што дзяўчынка пераапранаецца - і палез да яе...

- Як гэта - палез? - пудліва перапытала ленінградка.

- Ты што, не разумееш? Як Васька да цябе сёньня лез, так і гэты... - растлумачыла Люська й ленінградка пасьля такіх словаў яшчэ больш скурчылася й нацягнула кофту да самых вачэй.

- Ну, палез, значыцца, схапіў дзяўчынку за руку. А ў іхнай хаце пад лаўкай сякера ляжала. Дзяўчынка да сякеры дацягнулася, схапілася за тапарышча і... карацей, па галаве айчыма гвазданула. Крывёю ўсе сьцены запырскала. Айчым на падлогу паваліўся, зубамі заскрыгатаў, засіпеў: «Прыйду да цябе», - і падох. Дзяўчынка перапужалася, пабегла да маткі. А матка ейная дворнічыхай рабіла. Пачула што ды як, кінула мятлу і дахаты пабегла. Пабедавалі яны, кроў змылі, у хаце прыбралі, а тут і міліцыя ўвалілася. Матка ўсю віну на сябе ўзяла: сказала, што гэта яна забіла - яе й пасадзілі. І вось засталася дзяўчынка адна. Спаць лягла, а страшна ж адной... усё гэты айчым мроіцца. Сьвятла нават не выключала. І раптам бачыць - на дзьверцах шафы кропля крыві засталася. Хацела выцерці, ды перадумала: трэба было з пасьцелі вылазіць, а ў хаце халодна, печка ня паленая. А наступнай начы ўспомніла яна пра пляму - глянула, а яна нібыта большаю стала. Схапіла анучку - давай церці. А кроў не адціраецца. Ну што, лягла ў пасьцель, а пляма раніцою ў два разы павялічылася. І так расла цэлы тыдзень, а на восьмую ноч заліла ўсе дзьверцы. І падобнай стала на чалавечы цень, - у гэтым месцы Манька перарвала аповед і намалявала рукамі ў паветры вырыс чалавечага ценю. - А ў дванаццаць гадзін ночы пляма раптам пачарнела, дзьверцы рыпнулі, пачалі расчыняцца і з шафы выйшаў... - але хто выйшаў з шафы, Манька сказаць не пасьпела. Яе гарадзкая сяброўка нечакана падскочыла, нема крыкнула, апавядальніца пукнула, а кот Барыс сігануў зь перапуду пад бліжэйшы куст.

- Люська, дурная-а! - гукнула ленінградка й жартам, але хвацка, выцяла кулаком па Люсьчынай хрыбціне.

- Вось так, Люсечка. Яшчэ раз тыцнеш пальцам - болей расказваць ня буду, - пакрыўджана зазначыла Манька Цыкіна, а ленінградка, памацаўшы рукою пэўнае месца, дадала: - Ледзь не абпісалася.

Люська, якая мела звычку пужаць сябровак, тыцкаючы ім пальцамі пад драбы, сумелася, пракудліва шморгнула носам.

- Ну добра, раскажу вам яшчэ адну гісторыю. Таксама пра айчыма. Але гэта ўжо была праўда, - забалаболіла Манька, а кот Барыс абтрос мокрую лапку і ўскочыў на паркан.

- Памерла ў адной дзяўчынкі маці, і засталася яна з айчынам. І вось прыйшоў аднойчы айчым дахаты, прынёс радыёпрымальнік і кажа: - «Слухай, але ніколі не ўключай кароткія хвалі». А наступным днём зьехаў айчым у камандзіроўку і дзяўчынка адна засталася. Цікава ёй стала - што будзе, як кароткія хвалі ўключыш? Узяла і ўключыла. І вось слухае нейкую музыку... стра-ашную такую... але нічога не адбываецца. А ў дванаццаць гадзін ночы музыка раптам абарвалася і нехта ці-іха так сказаў: «Дзяўчынка, выключы радзіва, труна на колцах пад'яжджае да твайго гораду». Дзяўчынка перапужалася, выключыла радзіва, а на наступную ноч зноў уключыла. Прыслухалася, і раптам чуе - той жа голас, але больш гучна, кажа: «Дзяўчынка, дзяўчынка - выключы радзіва, труна на колцах едзе па тваёй вуліцы».

Кот Барыс, які сядзеў на паркане, пазяхнуў, памыў пысу падушачкамі правай лапкі.

- І вось трэцяя ноч... Падсела яна да радзіва...

- Ой, дурная-а... - прастагнала, перарываючы апавядальніцу, ленінградка, а апавядальніца, рашчаперыўшы пальцы абедзьвюх рук, прашаптала: - Уключыла, і раптам чуе...

- Манька, зараз жа йдзі дахаты! - крыкнулі за Барысавай сьпінай, дзьверы Маньчынай хаты гучна бразнулі і Манька, гукнуўшы: - Йду-у! - прабачліва дадала: - Пайду, заўтра ўставаць рана - наша чарга гнаць у поле.

Шпаркія крокі заціхлі ў глыбіні двара й ленінградка зь Люськаю падхапіліся зь бярвеньня. Сюд-туд азіраючыся, сяброўкі рушылі на паўсагнутых нагах па вуліцы й Люська, падышоўшы да сваёй хаты, нечакана матлянулася да паркану.

- Куды ты? - гукнула было ленінградка, а ўбачыўшы, як сяброўка задзерла прыпол спадніцы, таксама прысела пад куст.

Люська ўжо абцягнула прыпол, калі ў агародзе зашамацеў бульбоўнік і сяброўкі пудліва адскочылі ўбок. Празь імгненьне з-пад плоту вытыркнулася кудлатая галава Дуроніка, дзеўкі ўголас аблаялі шчанюка, і гараджанка, дробна стукаючы зубамі, запыталася:

- Т-ты д-дзе сьпіш?

- На гарышчы, а ты? - адгукнулася Люська, гэтаксама граючы на зубарыках.

- І я на гарышчы, - Маша, бліснула ў цемры бялкамі вачэй і ў нерашучасьці пацерла лабешнік.

- Слухай, пайшлі да мяне, - пралепятала, чытаючы сяброўчыны думкі, Люська. - Я раніцою ўстану, скажу маці, каб тваіх папярэдзіла.

Дзяўчыны крадком увайшлі ў двор, спыніліся пад вокнамі хаты, прыслухоўваючыся да храпеньня Люсьчынага бацькі, і, перавёўшы дых, палезьлі па драбінах на гарышча.

Кот Барыс прасьлізнуў у дзьвярную пройму, у два скачкі дабег да сваёй ляжанкі. Колькі хвілін ён рупліва аблізваў мокрыя лапы і толькі пасьля таго прыслухаўся да бязладнай валтузьні на другім канцы гарышча. Дзеўкі, ужо накрыўшыся з галавою коўдрай, шалёна валтузіліся, вішчэлі, а навалтузіўшыся ўдосыць, аб нечым горача зашапталіся.

Кот памыў лапаю пысу, задаволена пацягнуўся. Потым яшчэ раз пазяхнуў і, перад тым, як накрыцца хвастом, пашкроб кіпцюрамі крокву.

- Ай, хто там? - крыкнулі на другім канцы гарышча, у крокву над Барысавай галавой стукнуўся дзявочы туфель, і Барыс, прыхаваўшыся за комін, падаў голас.

- Супакойся, гэта наш кот, - сонна прамармытала Люська і яшчэ праз хвіліну сяброўкі суладна засоплі насамі.

Кот расьцягнуўся на ляжанцы, прыціснуўся сьпінаю да коміна. Комін быў яшчэ цёплы і зьлёгку дрыжэў ад волатаўскага храпу гаспадара. Барыс заплюшчыў вочы і перад тым, як заснуць, падумаў, што заўтра ў яго будзе цяжкі дзень - трэба будзе зноўку ісьці на Дабранскую гару душыць мышэй.

Заўтра, як толькі ў хаце рыпнуць масьніцы, ён прачнецца, правядзе падушачкамі лап па вачах і будзе доўга слухаць ранішнія зыкі. На доле бразьне вядро, паліецца вада ў калодзеж, гаспадыня штосьці гучна крыкне суседцы. Потым у хляве будзе бясконца доўга зумкаць струмень у даёнцы, а калі гаспадыня падоіць карову і выйдзе на двор, ён прыцісьнецца пысай да паддашкавых дзьвярэй і голасна вякне. Гаспадыня, як заўсёды, вылаецца, нясьпешна падымецца па драбінах, хвіліну-другую будзе тыцкаць прутом у шчыліну, скідваючы непадатную зашчапку, а спусьціўшыся долу, плісьне ў чаропкі - у ягоную вялікую і ў маленькую Дуроньчыну - духмянага сырадою.

...Барыс ужо спаў і сьніў палёвак, калі яму прымроіўся раптам саладкаваты і ні з чым не параўнальны пах малака, і ён аблізнуўся спрасонку.