Віктар Жыбуль. Фуга

І чаму праходзячы пад гэтымі белымі яблынямі
ўсе пазіраюць угору,
з трывожнымі круглымі вачыма пазіраюць угору?
Быццам хочуць выцягнуць вочы
на манер тэлескопаў ці мікраскопаў
і пабачыць у небе нешта разьвеянае,
нешта рассыпанае на мільярды атамаў?

І слушна, людзі, турбуецеся,
недарэмна, людзі, турбуецеся:
у небе над белымі яблынямі
кружляе крэміраваны генэрал.

Ён кіруе нябачным войскам,
што боўтае нябачнымі нагамі
ў бялізьне, разьвешанай на бальконах,
ловіць сакрэтныя радыёхвалі
талеркамі, што грувасьцяцца
ў брудных рукамыйніках.
У моры яблыневай квецені
купаецца крэміраваны генэрал.

Тут кожная кветка пахне ня мёдам,
а гукамі пахавальнага аркестра.
Тут у кожным бутоне міна,
ад якой узьлятаюць увысь
сотні вайсковых фуражак.
Пялёсткі скручваюцца ў трубачкі,
вырастаюць у трубы, трамбоны і тубы,
а песьцікі й тычынкі –
у цяжкія барабанныя палачкі.
Пчолы ў вулеі выкладаюць з сотаў
ордэнскія планкі.
Уюцца чмялі –
маленькія махнатыя бамбардзіроўшчыкі –
і ўзрываюць маленькія махнатыя бомбы,
а белы голуб – сымбаль міру –
нясе гаўбіцу ў дзюбе.
Сонца цяжкім мэдалём
вісіць над усімі намі,
вось толькі ці ўсе мы заслужылі
такую вялікую ўзнагароду?

Над садам, лугам і старымі дварамі
лётае крэміраваны генэрал.
Яму зьверху ўсё бачна.