Віктар Жыбуль. Творца і публіка

Аднаму крытыку

Узяцца за пяро
чалавека
часта вымушаюць
экстрэмальныя абставіны.

Ці ведаў Рабінзон Круза,
гэты звычайны марак зь Ёрку,
што калі-небудзь пачне
старанна весьці дзёньнік, –
калі б не апынуўся адзін
на ненаселеным востраве?

Ён стаў пісьменьнікам,
і ўся яго чытацкая публіка
складалася
зь неба, мора, пальмаў
ды абарыгена па мянушцы Пятніца.

Ці быў Рабінзон абазнаны
ў чытацкіх запатрабаваньнях
сваёй публікі?
Хай пра гэта за ўсіх скажа Пятніца,
але ён за ўвесь час жыцьця з Рабінзонам
так і не навучыўся чытаць.

І якая яму справа да таго,
што Рабінзонавы рукапісы,
магчыма, прачытаюць
там, на невядомых кантынэнтах,
дзе ён, Пятніца, ніколі ня быў
і пра якія нічога ня ведае?

Але прачытаюць.
Нават дакладна прачытаюць.

Так яму, Пятніцу, і перадайце.