Віктар Жыбуль. Мяне ў рацэ тапілі…

Мяне ў рацэ тапілі тапельцы, якія ня ўмелі плаваць,
казалі: “Быць мусіш з намі ты, бо нам патанаць самотна”.
Хоць я не хацеў патанаць, але мяне мучыла салідарнасьць,
і я мусіў жыць далей, тапельцам кампанію склаўшы.

Спачатку па звычцы казаў я “фе!” і нават супраціўляўся,
але зразумеў, што супраціў няветліва выглядае,
І каб у віну не паставілі мне нахабства і амаральнасьць,
прыняў рашэньне я патанаць спакойна і нават моўчкі.

І хоць правай пяткай працягваў я ўздрыгваць эпатажна,
на гэты выбрык ужо ніхто не зьвяртаў належнай увагі.
І ўшчэнт напаўняўся я пачуцьцём высокім калектывізму,
а пругкія кубамэтры вады дарылі дысцыплінаванасьць.

Якая ж выгода ў тым, што цяпер я – свой сярод тапельцаў?
Магчыма, у тым, што лепей я пачаў разумець іх думкі?
Таму на паверхню яны мяне цяпер адпускаць баяцца –
напэўна, думаюць, як бы я ня выдаў ваенную тайну!

Калісьці шмат у маім жыцьці прыгодаў было і інтрыгаў,
цяпер інтрыга адна засталася – наколькі мне хопіць паветра?
Ці гэта паветра – чым дыхаю я, ці можа ўжо іншае штосьці?
Стаю на дне, а тапельцы мяне трымаюць за рукі, за ногі.

Не разумеў я, ці я жывы, ці ўжо таксама тапелец?
Пытацца пра гэта позна мне і ўвогуле неяк няёмка.
Малюскі ды ракі падміргвалі мне, са мною віталіся рыбы,
і тое, што ўсё адбывалася так, мне дзіўна было самому.