Віктар Жыбуль. Ліфт

Быў ліфт у нашым доме без прыўкрас,
ды вось аднойчы нейкі баламут
да сьценкі жуйкай прыляпіў абраз
пад столь у самы кут.

Цяпер народ, як у капліцу,
у ліфт заходзіць памаліцца.

І ўжо ніхто ня йдзе сюды спраўляць
малую і вялікую патрэбу.
Сюды прыходзяць зь Вечным размаўляць:
націсьнеш кнопку – і ўзьнясешся ў неба.