Віктар Жыбуль. Няма нагодаў для прыгодаў

Няма нагодаў для прыгодаў.
Сяджу, палю... У сэрцы – нож.
Згубіўшы боты-скараходы,
выходжу басанож пад дождж.

Мне абсалютна нецікава
ўвесь дзень бадзяцца пад дажджом.
Калі б ня дождж ішоў, а кава,
ці піва, ці хаця б баржом!

Мяне дастала ўсё на сьвеце,
што бачу й чую я вакол:
і гэты дождж, і гэты вецер,
і гэты двор, і гэты кол.

Усё, усё мяне дастала!
О, дзе ты, мой дзевяты вал?
Здаецца, што людзей на сала
трымае страшны канібал.

Я сам яго аднойчы бачыў
ля дома, у якім жыву:
Ён падбіваў, нібыта мячык,
чыюсь пустую галаву.

А галава міргала вокам,
а ў воку гніла бервяно...
Наперад, людцы, сьмелым крокам!
Наперад, людцы, на гаўно!

О, як усе мяне дасталі!
Што застаецца? Нюхаць клей...
Як гаварыў таварыш Сталін,
жыць стала лепей, весялей.

І ад такой вось весялосьці
хоць стой, хоць падай, хоць падай
руку таму, хто кліча ў госьці,
а потым кажа: “You must die!”

Нясуць вампіры на талерцы
ізноў чыюсьці галаву.
А я стаю з нажом у сэрцы.
У сэрцы – нож. А я – жыву.