Віктар Жыбуль. Хованкі

На могілках, дзе помнікі,
гуляюць дзеці ў хованкі –
жывыя ды здаровыя
за пліты мармуровыя,
сагнуўшыся, хаваюцца,
і так ім падабаецца,
што больш нічога ў сьвеце
ня трэба гэтым дзецям.

Магілкі – бы пясочніцы.
Па іх праехаць хочацца
плястмасаваму гоншчыку
на цацачным фургончыку.
З рыдлёўкамі, савочкамі
ды радаснымі вочкамі
бяжыць сюды малеча
жучкоў і мух калечыць.

А ўночы зь дзецьмі ў хованкі
гуляюць мерцьвякі.
Будуюцца на могілках
дзіцячыя садкі.
На могілках будуюцца
палацы, плошчы, вуліцы
і нават гарады.
Ды той, кім рэкі муцяцца,
таксама не адкруціцца,
бо праз гады
патрапіць назаўжды
туды,
дзе могілкі ды помнікі,
якіх не зьберагуць,
бо зноў гуляць у хованкі
нашчадкі прыбягуць.