Вера Бурлак. Паўстанне вошай

Аднойчы ў вошай скончыліся грошы,
І вошы паўзьнялі паўстаньне вошай.

Схапілі транспаранты і шампуры,
Патрабавалі перхаці і скуры.

Мітынгавалі нават інваліды:
"Канаем мы, хварэюць нашы гніды!"

Чакалі, што аднекуль з Антарктыды
Іх прыйдуць падтрымаць арыбатыды.

Але ніхто не падтрымаў паўстанцаў,
І выжыць ім не засталося шанцаў.

Яны паслалі SOS на доўгай хвалі.
Іх не пачулі. І яны сканалі.

Такім быў сумны вынік інцыдэнта
На малакроўных валасох студэнта.