Вера Бурлак. Я вада...

Я вада, я цяку.
Запаўняю адтуліны і адсюліны.
Я палохаю дзядзечку ў пінжаку
І кашулі,
Накрухмаленай так, што ня возьмуць і кулі.

Я рахмана стаю ў вялізнай каменнай місе,
Але сьцеражыся:
Бо варта скрануць мяне
(Напрыклад, калі нехта чхне) –
І я пратачу дзірку ў дне.

У мяне стае вагі і глыбіні,
Каб дасягнуць нетраў.
Але нетры ў агні.
Я – паветра.