Вера Бурлак. Майстар пераўтварэнняў

Майстар пераўтварэньняў
Абмыў карэньне –
І засохлае мігдаловае дрэва расцвіло.

Майстар пераўтварэньняў
Зрабіў шоў
Ледзяшоў,
Больш вядомае як
"Надзвычайнае здарэньне":
Ва ўсіх навакольных вокнах
Пабіў шкло.

Майстар пераўтварэньняў
Успеніў
Мыльныя бурбалкі на руках
І самыя рукі
Узьняў гідраўлікай –
І зрабіліся рухі.

Выпаў расой ураньні –
Загасіў узгараньні,
Зьвёўшы іх да выпарэньняў.
Сапраўдны майстар пераўтварэньняў.