Вера Бурлак. Дазвол палёту

Пад крылом самалёта пра нешта маўчаць аблокі,
І зялёная рыса на небе нібыта дазваляе палёт.
І часова губляюць сэнс колы і нават крокі:
Ёсьць толькі зялёная рыса на небе
І ружовы ўсход.

На зямлі шматгучнаму заўтра саступае маўклівае ўчора,
Але з неба прастора – адно вада, што цячэ.
І зь нябёсаў бачна, што зямля – гэта суцэльнае мора.
Але з космасу, мабыць, бачна нешта яшчэ.