Вера Бурлак. Калыханачка

Сьпі, сынку.
Прабег прусак па тынку,
Зараўлі дзіравыя трубы.
Сьпі, мой любы.
Сусед-шызафрэнік
Нам у шыбу шпурляе
Камяні,
Але не трапляе.
Сьпі-засьні.
У пад’езьдзе нехта страляе.
Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы.
Нехта лез праз акно,
Ды нібы ў павучыну,
Убіўся ў парцьеры.
Гэта вельмі было даўно,
Труп там цяпер астылы.
Сьпі, мой мілы.
Самалёты над гарадамі
Круцяць вогненнымі хвастамі.
Утыркаюцца крылы ў магілы,
А стрэлы – у крылы.
Па дарогах лётаюць кулі,
Ды ня з рулі,
А так –
Іх вятры надзьмулі.
Люлі-люлі.
Чорны вэлюм лёг на зямлю,
Зачыніліся крамы.
Сьпяць і таты, і мамы.
Толькі я, як той слон, ня сплю.
Нехта ціха пяе
Пра тых, хто п’е
Валяр’янку
І рыпіць зубамі аб шклянку
Табе калыханку.
Пацукі зрабілі палац са старых паштовак.
Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак.
У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак.
Сьпі, сыночак.
Сьпі, дарагуся.
Я табе сьнюся.