Вера Бурлак. Калі б ты быў далёкі

Калі б ты быў далёкі,
Мой сьпеў рыдаў бы нема,
Твае б я чула крокі
Паўсюдна, неадменна.

Твае б я чула словы
І плакала б натхнёна
І я была б шчасьлівай
У горычы штодзённай.

Калі б ты быў далёкі,
Я цалавала б кветкі,
Твае б лавіла згукі
У маркатаньні ветру,

Заломваліся б рукі
У роспачы маўклівай.
Калі б ты быў далёкі –
О, я была б шчасьлівай!

Калі б ты быў далёкі…
А ты жахліва блізкі,
Бы зьвер мільёнавокі
Ля бэзавай калыскі,

Як сонца не за хмуркай,
А побач і навокал,
Як вока для кузуркі,
Што заляцела ў вока…

Калі б ты быў далёкі,
Бы ў небе касманаўты,
Ня пекліся б апёкі
Там, дзе мяне кранаў ты.

І ты б ня біўся токам,
Такі жахліва блізкі,
І я б раўла аблокам,
Яктала да вятрыскі,

Качала б голай лыткай
У жалю і ў журбе
І неймаверна брыдкай
Была б сама сабе.