Вера Бурлак. Злачынныя каханкі

Мы кахаліся,
а ў небе счарнелым
пруцянелі хмары,
і птушкі здраньцьвелыя
абсыпаліся на зямлю
зь сінімі вуснамі;
мы ня біліся,
мы абдымаліся,
а навокал усё распадалася
на зыходныя складнікі,
і ўсе пацыфісты навокал
раўлі і злаваліся;
мы не змагаліся –
мы цалаваліся,
а суседзі грукалі ў сьцены
шарамі чыгуннымі чорнымі
і крышылі на нас
збудаваньні Хрушчова і Брэжнева.
МЫ АДНО ЦАЛАВАЛІСЯ,
але ўсім здавалася,
што мы робім нешта горшае –
недазволенае і грэшнае;
МЫ АДНО АБДЫМАЛІСЯ,
але ўсе так абураліся,
быццам мы плявалі
на мілыя ім магілы;
МЫ АДНО КАХАЛІСЯ,
але нас прысудзілі да расстрэлу.
Напэўна, за тое,
што нас было трое.