Вера Бурлак. Вельмі вольны верш

Увечары былі вершы
Для вузкага кола сяброў.
А ўранку са сьценаў вежы
Заранка зьлізвала кроў.

Па воблачных хвалях нябёсаў
Плылі на лодках багі
І рухалі кросны лёсу
Лёгкім штуршком нагі.

Удзень былі сонцы сонцы,
Галовы, гало і колы,
Эсьмінцы, авіяносцы
І велічныя ледаколы.

Сонца сядала за йльдзіны
Ў прасьцірадлава-сьнежны схоў,
І Паркі распускалі тканіны,
Падманваюча сваіх жаніхоў.

Напаўняліся бары змрокам, а бары гейшамі,
І гарбатны рытуал пачынаўся значна раней за пятую,
І радкі рабіліся ўсё даўжэйшымі, даўжэйшымі і даўжэйшымі,
Быццам бы й ім да зьнямогі поўнай хацелася галавою ў гарбату...

І я, нібы жабка ў разрэзе,
Ляжу ў глыбокай яміне.
А ўверсе стаіць Паэзія
І кідаецца Камянямі.