Вера Бурлак. Беражыце зубы

Я мыкала ў трубку старанна
З усьмешкаю скрыўленых губ,
І ты зразумеў, мой каханы,
Што сёньня мне вырвалі зуб.

І я засталася бяз зуба.
Цяпер ён чакае мяне
Ў тым месцы, дзе мы з табой, любы,
Бываем пакуль толькі ў сьне.

А сьніцца нам змрочная сьцежка,
І зорачкай зьзяе над ёй
Дзявоча-бяззубая ўсьмешка
З прыгожай і чыстай душой.