Вера Бурлак. Балерына

Сем гадзін. Тэатар поўны гледачамі,
Быццам бочка – селядцамі, людзі пільна
Сочаць, як пакутна поўзае па сцэне
Балерына са зламанымі нагамі.

Дырыжор бязрукі, палку ўзяўшы ў зубы,
Мітусіцца перад скурчаным аркестрам
Эпілептыкаў і паралізаваных,
Што ўхапілі канвульсыўна інструмэнты.

Гледачы ўсе спрэс глухія і сьляпыя,
І тэатар за часоў Напалеона
Зруйнаваны безнадзейна назаўсёды.

А пад стольлю на паўвыскубаных крылах
Сумна лётае здань нейкай іншай здані
І палохае бядачку балерыну,
Балерыну са зламанымі нагамі.

А со столі я крычу пра злую долю,
Зачапіўшыся нагой за жырандолю,
Я крычу ня ролю. Я крычу ад болю.