Вера Бурлак. Тры танкісты выйшлі з танку

Тры танкісты выйшлі з танку
І сьпяваюць калыханку:
Ціха-ціхенька ляжы,
Як памежнік на мяжы.
Не палохайся чужынцаў –
Гэта толькі муляжы.
Па асеньняй павуцінцы
Маршыруюць пехацінцы.
Сьнегам лётчыкі з аблокаў
Абстралялі ўсё навокал.
Баявы сапёрны ўзвод
Абясшкодзіў сьнег і лёд.
Будаўнічы батальён
Выклаў рэйкі зь летніх дзён.
А марскі ваенны флот
Сноў прывёз на цэлы год.
Сноў чароўных, сноў квяцістых
Аб пехоце і танкістах.
Каб усё, што пра вайну,
Стала зьместам толькі сну.