Вера Бурлак. Трусікі

Ай вы трусікі-трусёнкі,
Ай вы новыя мае,
Ай ядвабны выраб тонкі
Ай найлепшых куцюр’е!

Не з чырвонымі вачыма,
З вушкамі, як ветракі,—
Вы дзівоснае начыньне
Пад маднюшчанскі прыкід.

Танчу з вамі па пакоі,
Шчасьце зорамі іскрыць.
Што б мне вырабіць такое
Ад няма чаго рабіць?

Вось на злосьць ільду і сьнегу
Па сьцяжынках ільдзяных
Я ўсю зімку буду бегаць
У тых трусіках адных.

Праз віхуру і завею,
Праз паўночны зорапад,
І зусім не захварэю,
І зусім ня зьмерзну на’т!

А калі зазьзяе сонка,
Скінуць футры ўсе ў пару,
Я чароўныя трусёнкі
Фэтышыстам падару.