Вера Бурлак. Сачыненні вучняў 7 класа 'Б' па карціне К. Малевіча 'Чорны квадрат'

Маша Ж. (У вершах, цытуецца ўрывак)

...Чорнай ноччу чорны кот
Улез у чорны дымаход.
У дымаходзе чарната.
Адшукай катам ката...

Паша М. (таксама ў вершах)

Негры – чорная раса,
Прадстаўнікі працоўнага класу,
Мы, вучні сёмага класа,
Прадстаўляем белую расу.

Белы чорнаму брат.
У Малевіча чорны квадрат,
Але ёсць і белы квадрат.

А калі нешта скажуць скіны,
Лепш паставіць іх ля сцяны
І спусціць ім штаны.

Мы з Малевічам – супраць вайны!

Міша М.

Імя Казіміра Малевіча ў кожнага з нас выклікае захапленне і задавальненне. Казімір Малевіч – вялікі мастак. Карціны Казіміра Севярынавіча хвалююць многіх людзей. Ён здолеў перадаць на іх свае настроі і філасовскія думкі.
Мяне вельмі хвалюе карціна Канстанціна Казіміравіча “Чорны квадрат”. Яна нагадвае мне мае філасовскія думкі пра акно ў цягніку, у якім я ехаў уночы на поўдзень.
Творчасць Казіміра Канстанцінавіча Малевіча назаўсёды застанецца, каб хваляваць нас і перадаваць свае філасовскія думкі. Нездарма на магіле Малевіча таксама паставілі чорны квадрат.

Таня Ж.

Мне карціна Малевіча “Чорны квадрат” падабаецца тым, што па ёй няма чаго пісаць. Карціны па якіх мы пісалі раней трэба было апісваць падрабязна. Хлопчык атрымаў двойку, у яго партфель і сабака, дзяўчынка ля адчыненага акна робіць гімнастыку, лютаўская лазур складаецца з белых бяроз і сіняга неба. А чорны квадрат – гэта проста чорны квадрат.

Вася М.

Мая любімая настаўніца.
Вольга Рыгораўна – мая любімая настаўніца. Яна ніколі не ставіць нам дрэнныя ацэнкі. Яна прыгожая і усмехаецца. Яна вадзіла нас на экскурсію у музей Максіма Багдановіча. Там вельмі цікавы мішка у аранжавай адежы.
Яшчэ Вольга Рыгораўна не адбірае у нас мабільнікі як настаўніца матэматыкі і не бье нас дзённікам па галаве як настаўнік труда.
Я вельмі шкадую што мне яшчэ нельга жаніца. Я вельмі люблю Вольгу Рыгораўну і хачу каб усе настаўнікі былі пахожыя на яе.

Ваня М.

Мне не нравіца Карціна Малевіча “Чорны квадрат”. Кажный дурак можыт зделать такую карціну. Но никаждый дурак сможыт такую карціну прадаць.

Максім Ж.

Мастак Каземір Малевіч жыў у савецкі час. Савецкая рэчаістасць была такой жахлівай што на яе глядзець не хацелася. Хацелася заплюшчыць вочы і не бачыць нічога. А калі заплюшчываеш вочы і доўга так сядзіш, пачынаеш бачыць толькі чорнае. А квадрат таму што карціны часцей за ўсё квадратныя або прастакутныя. Я не згодны з Задорнавам што Малевіч карціну маляваў доўга. Ён яе намаляваў адразу. Я думаю, Каземір Малевіч намаляваў жахлівую савецкую рэчаістасць, якую ён не хацеў бачыць.

Жана Д.

Малюнак, змешчаны ў падручніку, – гэта не «Чорны квадрат» Малевіча. Я бачыла сапраўдны «Чорны квадрат» на выставе ў Маскве.
Казімір Малевіч – прадстаўнік кірунку «супрэматызм». Калі глядзець з гэтага боку, то малюнак у падручніку нават лепей: ён паказвае ў чыстым выглядзе супрэматызм. Але мне бліжэй карціна, намаляваная самім мастаком: не зусім геаметрычна правільная, з патрэсканай фарбай і, значыць, не зусім чорная. Мне здаецца, на ёй намалявана больш, чым проста чорны квадрат. Але як гэта назваць, я не ведаю.

Саша У.

На карціне К. Молевіча чорны квадрат намолеванаы нешта незразумелае зусім не знаю што тут пісать карціна і карціна звычайная К. Молевіч велікі мастак больш *********** ###### ### #### #####