Дар'я Вашкевіч. Баваўняная дзяўчынка

Жыла-была Баваўняная дзяўчынка. Уся яе сям’я таксама была з бавоўны: і мама, і тата, і бабуля. Нават іх кот быў баваўняны. Усе яны былі мяккія, цёплыя і вельмі любілі абдымацца. Яны абдымаліся безупынку: падчас сьняданкаў, абедаў і вячэраў, на шпацырах і ў тралейбусах. Некалі яны нават абняліся ў бібліятэцы—ціхенька-ціхенька, каб не перашкаджаць іншым наведвальнікам.

Аднойчы, гуляючы ў парку, Баваўняная дзяўчынка сустрэла Плястыкавага хлопчыка. Ён быў гэткім гладкім і празрыстым, што Баваўнянай дзяўчынцы адразу ж захацелася яго абняць (вы ж памятаеце, што яна вельмі любіла абдымацца?). Наблізіўшыся да хлопчыка, Баваўняная дзяўчынка працягнула да яго свае рукі, але той адхінуўся ад яе.

—Я не хачу абдымацца!—мовіў ён.

—Але чаму?—зьдзівілася Баваўняная дзяўчынка.—Гэта ж так прыемна.

— Я хлопчык. А хлопчыкі не абдымаюцца,—азваўся хлопчык строга і рушыў прэч.

Вярнуўшыся з прагулкі, Баваўняная дзяўчынка выглядала сумнай.

—Даражэнькая, што здарылася?—захвалаявалася яе маці.

—Скажы, хто цябе пакрыўдзіў, і я яго правучу!—абурыўся тата (хоць насамрэч ён быў занадта мяккі і баваўняны, каб некага “правучыць”).

—Можа, хочаш піражок з чарніцамі?—пацікавілся бабуля.

—Мяў?—сказаў кот.

—Сёньня ў парку я сустрэла Плястыкавага хлопчыка, але ён адмовіўся са мной абдымацца,—азвалася Баваўняная дзяўчынка.

—Ну, хлопчыкі проста дурненькія,—зь веданьнем справы сказаў тата.

—Можа, сьпячы шарлотку?—прапанавала бабуля.

—Магчыма, ён перадумае наступным разам?—выказала ідэю мама.

Кот завуркатаў, і ўся сям’я абнялася.

Празь некалькі дзён Баваўняная дзяўчынка спаткала ў парку таго самага Плястыкавага хлопчыка, але ён зноўку адмовіўся абдымацца.

—Я ж табе ўжо казаў, што ненавіджу абдымацца—гэта марнаваньне часу! Я лепш пайду пагуляю ў футбол,—дадаў хлопчык і сышоў, пакінуўшы Баваўняную дзяўчынку адну.

Такія сустрэчы паўтаралася некалькі разоў. Але Баваўняная дзяўчынка не здавалася, яна была настойлівай спадарынькай. Аднойчы, здалёк пабачыўшы Плястыкавага хлопчыка (у Баваўнянай дзяўчынкі былі вельмі вострыя вочы), яна неўпрыкмет, на дыбачках наблізілася да яго—і абняла ззаду! Плястыкавы хлопчык замёр, агаломшаны.

Праз хвілю, асьцярожна выпусьціўшы яго з абдымкаў, Баваўняная дзяўчынка запыталася:

—Ну як? Табе спадабалася? Ты адчуваеш цяпло?

—Не,—абыякава сьцепануў плячыма Плястыкавы хлопчык.—Я не адчуваю нічога.

Ён рушыў прэч. Вочы Баваўнянай дзяўчынкі напоўніліся сьлязьмі.

—Не журыся, птушачка,—пачуўся нечы голас.

Баваўняная дзяўчынка азірнулася. Нездалёк, на лаве, сядзеў сівы спадар з густымі вусамі, уважліва гледзячы на Баваўняную дзяўчынку. Затым ён хітра падміргнуў ёй.

—Не журыся, птушачка, паўтарыў ён.—Справа ў тым, што гэтыя плястыкавыя хлопчыкі ня здольныя захоўваць цяпло. Такімі яны нарадзіліся. А ты крыху пачакай—і абавязкова сустрэнеш патрэбнага хлопчыка,—мовіў сівы спадар.

Баваўняная дзяўчынка няпэўна кіўнула ў адказ і пасьпяшалася дахаты: яе бацькі заўжды казалі, што размаўляць зь незнаёмцамі ня варта. Асабліва ў парках. Асабліва калі гэтыя незнаёмцы выглядаюць нашмат старэйшымі за цябе.

Збольшага, гэта канец гісторыі. Як і прадказваў дзіўны спадар з густымі вусамі, у хуткім часе Баваўняная дзяўчынка спаткала Ваўнянага хлопчыка. Ён быў крыху калючы, але надзвычай цёплы. Яны абодва вельмі любілі абдымацца і кожны раз надоўга захоўвалі пасьляабдымкавае цяпло.

Ах, а ці хочаце вы дазнацца, што здарылася з Плястыкавым хлопчыкам? Ён пазнаёміўся са Шкляной дзяўчынкай і нейкі час яны былі даволі шчасьлівыя разам: ніхто зь іх зусім не любіў абдымацца. Але потым Плястыкавы хлопчык надакучыў Шкляной дзяўчынцы (бо шкляным дзяўчынкам хутка ўсё надакучвае)—і яна здала яго ў пераапрацоўку плястыку. Зь яго атрымаўся файны грабеньчык.