Валянцін Акудовіч. Прыблуда

Гэта было даўно, яшчэ за каралём. На выгане за нашай вёскай вячыўся дуб, і ў ягоным дупле жыў зусім голы і невядома адкуль прыблуда.
Каралі, як вядома, любяць паляванне, а ў нас ад выгану адразу пачыналася пушча. Ну дык вось...
Едзе неяк кароль на паляванне і ля дуба бачыць прыблуду.
– Як табе не сорамна? — абураецца кароль.
– А табе? — пытаецца прыблуда.
– Чаго мне саромецца? — дзівіцца кароль. — На мне і нагавіцы, і ўсё астатняе, што чалавеку мець належыць.
– Я – голы, а ў цябе і нагавіцы, і ўсё астатняе.
Узважыў кароль словы прыблуды і павінаваціўся:
– Сорамна,— кажа.
Паскідаў з сябе ўсё, ад капелюша да ботаў (адно стрэльбу пакінуў), і паехаў далей голым.
– Як гэтак можна?!– накінуліся мы на прыблуду.
А ён не адказвае. Хапае каралеўскія строі ды подбегам у карчму да Шмуля. Толькі той выставіў напоі, мы:
– Дзень добры ў хату.
I прычапіліся зноў:
– Хіба табе не сорамна?
– Сорамна, — кажа прыблуда, — аднаму піць.
Падселі мы да яго і маракуем: напэўна, гэты кароль апошні, бо не шануюць цяпер каралі свайго гонару. Які ж з яго кароль, калі ён голы?
Гэтак тры дні маракавалі, а на чацвёрты Шмуль кажа:
– Кароль, ён і голы — кароль.