Уладзімір Сцяпан. Ціхая вуліца

Вуліца Садовая ціхая. І людзі там спакойныя. Нават і расказаць няма чаго пра гэтую вуліцу з прыватнымі дамкамі і прыгожай назвай. Хіба што як на ёй знайшлі Толікаву руку. Сабака выцягнуў руку на асфальт і трыбушыць пачаў. Убачыў гаспадар, загадаў, каб цуцык брыду кінуў. А сабака кідаць не хацеў і да гаспадара не ішоў… Потым і астатнія часткі Толіка пазнаходзілі: нагу, галаву, тулава. Хлопцы вучыліся ў адной школе, бо жылі на Садовай. Толік з’ехаў на шабашку першым, а потым і суседзяў у сваю брыгаду запрасіў. Жэнька з Ігарам паехалі, папрацавалі. Казалі, што Толік не разлічыўся з хлопцамі. Вось яны і не даравалі яму. Вуліца Садовая самай ціхай і спакойнай лічылася, з Кастрычніцкай, ці Першамайскай — не параўнаць.